Таццяна Пятроўна і Роберт Дзмітрыевіч расказалі юным адпачывальнікам аб рабоце сваёй установы і аб’яднаннях па інтарэсах, якія там працуюць, больш падрабязна спыніўшыся на занятках па выяўленчым мастацтве і камп’ютарнай графіцы, якія вядзе Роберт Асіпук.
Ён узгадаў, як рабіў першыя крокі ў блогінгу, патлумачыў, што дапамагае яму ў развіцці і як прывабіць сваю аўдыторыю, стаць цікавым у інтэрнэт-прасторы, пастаянна заставацца ў трэндзе. Дзеці ўважліва слухалі, задавалі пытанні, даведаліся, што вядомы блогер упэўнены – навучыцца маляваць можа кожны, таму разам з гасцямі і самі перайшлі да справы. Узяліся за алоўкі, каб паўдзельнічаць у майстар-класе па скетчынгу – тэхніцы хуткага малявання. У якасці эскізаў Таццяна Ваніслаўчык і Роберт Асіпук прапанавалі сваім новым сябрам стварыць калектыўны комікс на тэму “Мае самыя яркія ўражанні ад “Баравічка” і Беларусі”.
Кожны з пачынаючых мастакоў пастараўся ўвасобіць на паперы нешта сваё: у адных гэта былі карпусы летніка, у другіх – сардэчкі з цёплымі шчырымі словамі, а некаторыя нават паспрабавалі намаляваць Мірскі замак і партрэт Роберта Дзмітрыевіча. Напрыканцы дзеці са сваімі малюнкамі сфатаграфаваліся на памяць, а затым яшчэ доўга не адпускалі госця: бралі ў яго аўтографы, абменьваліся электроннымі адрасамі, дарылі на памяць прыемныя падарункі, сярод якіх быў і партрэт блогера. Развіталіся да новых сустрэч ужо ў віртуальнай прасторы, бо некалькі чалавек, як высветлілася, падпісаны на акаўнт “Роберцік”.